Bible

Say Goodbye

To Clunky Software & Sunday Tech Stress!

Try RisenMedia.io Today!

Click Here

2 Corinthians 11

:
Belarusian - ББЧ
1 О, каб вы маглі сцярпець крыху маю неразумнасць! Але ж вы і церпіце мяне!
2 Бо руплюся я дзеля вас Божаю руплівасцю, бо заручыў я вас з адным мужам, каб завесці да Хрыста, як чыстую дзявіцу.
3 Але баюся, каб, як змей звёў Еву сваёю хітрасцю, гэтак і вашы думкі не адвярнуліся ад прастаты і чысціні, якая ў Хрысце.
4 Бо калі б хто прыйшоў і стаў прапаведаваць другога Ісуса, якога мы не прапаведавалі, або калі б вы прынялі іншага духа, якога вы не прынялі, або іншае евангелле, якое не атрымалі, вы б цярпліва зносілі.
5 Але я думаю, што і я зрабіў не менш за вялікіх Апосталаў,
6 бо хоць я не вопытны ў слове, але не ў ведах, і мы ў кожным і ва ўсім адкрыліся вам.
7 Ці ж я зграшыў, паніжаючы сябе, каб павысіць вас, бо прынёс вам дарма Евангелле Божае?
8 Абіраў я іншыя цэрквы, беручы на пражытак дзеля служэння вам.
9 І, калі быў у вас і апынуўся ў нястачы, нікому не быў я цяжарам, бо калі мне чаго не хапала, дык дапаўнялі браты, што прыйшлі з Мацэдоніі; і нічым не абцяжарваў вас і не буду абцяжарваць.
10 Як Хрыстова праўда ўва мне, так гэтае пахвалы ніхто ад мяне не адыме ў землях Ахаі.
11 Чаму? Ці, можа, таму, што вас не люблю? Бог ведае!
12 Што я раблю, тое і буду рабіць, каб адсячы повад у тых, хто шукае поваду; каб аказаліся і мы такімі, з чаго яны выхваляюцца.
13 Бо тыя фальшывыя апосталы гэта крывадушныя працаўнікі, якія прыкідваюцца Хрыстовымі Апосталамі.
14 Ды не дзіва, бо нават сам шатан прыкідваецца анёлам святла.
15 Таму нічога незвычайнага, што і яго паслугачы прыкідваюцца паслугачамі справядлівасці, але канец іх будзе паводле іх учынкаў.
16 І зноў кажу: хай ніхто не лічыць мяне за неразумнага! У адваротным выпадку прыміце мяне, хоць як неразумнага, каб мог і я хоць крыху пахваліцца.
17 Што гавару, тое гавару не паводле Госпада, але як бы ў неразумнасці ў гэтай адвазе пахвалы.
18 Калі вось многія хваляцца паводле цела, дык і я буду хваліцца.
19 Бо ахвотна вы церпіце неразумных, хаця самі разумныя.
20 Церпіце, калі хто бярэ вас у няволю, калі хто вас аб’ядае, калі хто абірае, калі хто над вамі ўзносіцца, калі хто б’е вас па твары.
21 Кажу гэта на сорам, як быццам мы нядужыя былі; нехта мае ў гэтым адвагу, кажу ў неразумнасці, дык і я адважуся.
22 Яны гебраі? Дык і я! Яны ізраэльцы? Дык і я! Яны семя Абрагама? Дык і я!
23 Паслугачы Хрыста? Здурэўшы кажу дык і я куды больш: у большай спрацаванасці, у шматлікіх вязніцах, звыш меры ў плягах, часта пры смерці;
24 ад юдэяў пяць разоў атрымаў па сорак удараў без аднаго,
25 тры разы быў біты палкамі, раз каменаваны, тройчы пацярпеў караблекрушэнне, ноч і дзень быў у марской глыбіні.
26 Часта ў падарожжах, у небяспеках на рэках, у небяспеках ад разбойнікаў, у небяспеках ад народа, у небяспеках ад паганаў, у небяспеках у горадзе, у небяспеках у пустыні, у небяспеках на моры, у небяспеках ад фальшывых братоў,
27 у працы і знямозе, у частым чуванні, у голадзе і смазе, у многіх пастах, у холадзе і галізне,
28 і, апрача ўсяго іншага, штодзённы збор дзеля настаўніцтва ў мяне, клопат пра ўсе цэрквы.
29 Хто знемагаецца, а я не знемагаюся? Хто горшыцца, каб я не гарэў?
30 Калі належыць хваліцца, буду і я хваліцца са сваіх немачаў.
31 Бог і Айцец Госпада нашага Ісуса Хрыста, Які дабраславёны навекі, ведае, што я не хлушу.
32 У Дамаску намеснік цара Арэты пільнаваў горад дамасцаў, каб мяне схапіць, і ў кашы спусцілі мяне цераз мур з акна, і так я ўцёк з рук яго.